Адзначым «Дзень Волі 2019» разам!
Трэба дапамога і падтрымка!


Адзначым «Дзень Волі 2019» разам!

Заяўка на правядзенне Дня Волі 2019 пададзеная!


Сёння, 16 студзеня, была пададзеная ў Мінгарвыканкам заяўка на адзначэнне Дня Волі 2019. Асноўныя мерапрыемствы прапануецца правесці 24 сакавіка, у нядзелю. На краўдфандынгавай пляцоўцы Talaka.by стартаваў збор сродкаў на правядзенне свята.

Сцэнар заяўкі: з 12.00 да 14.00 збор удзельнікаў на вуліцы Кастрычніцкай і шэсце з дэманстрацыяй да стадыёну «Дынама», на якім з 14.00 да 22.00 адбудуцца мітынг і вялікі канцэрт з меркаваным удзелам 30 тысяч чалавек.

Заяўка на правядзенне масавага мерапрыемства была пададзеная ад юрыдычных асобаў культурніцкай пляцоўкі «Арт Сядзіба» і Партыі БНФ. Пасля атрымання дазволу да арганізацыі і правядзення Дня Волі 2019 будзе прыцягнутае шырокае кола грамадскіх і камерцыйных арганізацый.

У заяўцы гаворыцца, што «публічнае адзначэнне 101-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, якое атрымала народную назву Дзень Волі, пройдзе пад лозунгам “Жыве Незалежная Беларусь”. Мерапрыемства скіраванае на нацыянальную кансалідацыю вакол каштоўнасцяў дзяржаўнага суверэнітэту, развіцця ды ўмацавання беларускай нацыі, на прыцягненне ўвагі беларускага грамадства да спадчыны БНР, да неабходнасці нацыянальнага адзінства дзеля абароны незалежнасці Беларусі».

Перад тым, як падаць заяўку, былі разгледжаныя ўсе магчымыя варыянты і прааналізаваны досвед мінулых забаронаў і адмоваў.

На папулярнай у жыхароў Мінска і турыстаў вуліцы Кастрычніцкай амаль адсутнічае аўтамабільны рух, яна шырокая ды зручная для шэсця і дэманстрацыі, яе перакрыццё ў выходны дзень нікому не будзе замінаць. Да таго ж, ёсць досвед па арганізацыі і правядзенні на гэтай вуліцы масавых мерапрыемстваў і шэсцяў.

Для правядзення асноўных мерапрыемстваў Дня Волі 2019 быў абраны Нацыянальны алімпійскі стадыён «Дынама» па некалькіх прычынах:

  1. Сімвалічна. Менавіта на стадыёне «Дынама» 30 гадоў назад, 19 лютага 1989 года, адбыўся першы дазволены мітынг пад бела-чырвона-белымі сцягамі, арганізаваны аргкамітэтам БНФ і Канфедэрацыяй беларускіх суполак («Талака», «Тутэйшыя» ды іншыя – на той момант каля 100 моладзевых нацыянальна-дэмакратычных арганізацый).

  2. Рэалістычна. Гатовая інфраструктура стадыёна дазваляе камфортна змясціць больш за 30 тысяч чалавек, а таксама пазбавіць арганізатараў ад магчымых праблемаў пры дрэнным надвор’і. З кіраўніцтвам стадыёну праведзена папярэдняе абмеркаванне варыянта правядзення на гэтай пляцоўцы Дня Волі 2019. Атрымана інфармацыя, што ёсць магчымасць закрыць поле і бегавыя дарожкі адмысловым пакрыццём, паставіць сцэну, забяспечыць наведнікаў харчаваннем і цёплымі напоямі праз шматлікія кропкі продажу на стадыёне. У гэты час на стадыёне не плануецца вялікіх мерапрыемстваў: футбольны сезон пачнецца ў красавіку, а Еўрапейскія гульні адбудуцца ў чэрвені-ліпені, таму стадыён будзе гатовы прыняць Дзень Волі пры пазітыўным адказе Мінгарвыканкама.

  3. Відовішчна. Вялікія экраны і сцэна, новы прыгожы стадыён, тысячы людзей і ўрачыстая атмасфера – усё гэта дазволіць стварыць сапраўднае свята беларускага адзінства.

Першы крок зроблены. Цяпер чакаем адказ ад кіраўніцтва горада і краіны.

Давайце разам зробім годнае і натхняльнае мерапрыемства для Беларусі!

Падтрымайце ўжо зараз падрыхтоўку і правядзенне Дня Волі 2019 адным з 6 спосабаў на bnr.by.


За 100 дзён да 101-й гадавіны абвяшчэння Незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі арганізатары #БНР100 распачалі падрыхтоўку да адзначэння «Дня Волі 2019» пад агульным лозунгам «Жыве Незалежная Беларусь!»

Мы лічым, што пачынаць працаваць трэба ўжо зараз, каб прыгожа скончыць #БНР100 і ўвайсці ў Новы Год з канкрэтнымі мэтамі.

Пакуль мы не можам анансаваць пляцоўкі, на якіх адбуцца асноўныя мерапрыемствы на «Дзень Волі 2019», але абяцаем аператыўна дзяліцца з вамі ўсімі важнымі навінамі.

На сённяшні дзень уся падрыхтоўчая праца адбываецца на валанцёрскіх пачатках сіламі арганізатараў #БНР100 без ніякай знешняй падтрымкі. Нам хочацца працягнуць добры прыклад кампаніі да 100-годдзя БНР і арганізаваць «Дзень Волі 2019» за грошы, якія беларусы ахвяраюць у межах публічнай краўдфандынгавай кампаніі.

Досвед мінулых гадоў паказвае, што канчатковы фармат мерапрыемства стане зразумелы толькі ў лютым-сакавіку, бо на гэта ўплываюць шматлікія знешнія і ўнутраныя фактары, але падрыхтоўчыя працы трэба пачынаць загадзя, каб быць гатовымі да любых сцэнароў.

Мы ўжо праводзім перамовы на розных узроўнях, спрабуем выбраць і зарэзерваваць пад «Дзень Волі 2019» разнастайныя пляцоўкі. Таксама распрацоўваецца фірмовы стыль, рыхтуецца паліграфічная прадукцыя, інфармацыйны сайт і шмат-шмат іншага. Таму сродкі на дзейнасць патрэбны ўжо сёння, каб спланаваць, падрыхтаваць і правесці ўсе акцыі і мерапрыемствы на высокім узроўні.

Усе, хто падтрымае гэты праект, будуць першымі асабіста запрошаныя на наш агульны «Дзень Волі». Ці гэта будзе некалькі невялікіх клубаў, ці адзін вялікі, ці канцэртная зала, ці стадыён, ці цэнтральная плошча Мінска — мерапрыемства адбудзецца ў любым выпадку 24 сакавіка 2019 года.

У 2019 годзе на правядзенне асноўных мерапрыемстваў будзе ажно два дні: асноўныя вялікія падзеі ў Мінску і іншых гарадах Беларусі прапануем правесці ў выходны дзень 24 сакавіка, а 25 сакавіка кожны зможа выбраць асабісты сцэнар святкавання «Дня Волі».

Якім будзе «Дзень Волі 2019» залежыць ад кожнага беларуса! Падтрымай кампанію адным са зручных спосабаў.


Нам патрэбная вашая дапамога.

Зваротная сувязь і прапановы

Адзначым 101-годдзе БНР разам!